21 лютага – Дзень роднай мовы

Кожны народ адзначае 21 лютага  Дзень роднай мовы.

Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю.

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

Ва ўстанове адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі” з мэтай развіцця творчых магчымасцяў адораных і высокаматываваных вучняў, паглыблення іх тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па ўсіх вучэбных прадметах 21 лютага  2022 года пачаўся другі этап вучэбна-трэніровачных збораў.

Абласная каманда па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” пачала заняткі са слоў класікаў беларускай літаратуры. Хлопцы і дзяўчаты чыталі радкі, прысвечаныя роднай мове, стваралі ўласныя выказванні. Вучні зазначылі, што родная мова шмат не патрабуе, што не трэба ад яе  адварочвацца, яе месца ў роднай і незалежнай  Беларусі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Сапраўды, мы, беларусы, павінны ведаць сваю гісторыю, сваю культуру, сваю літаратуру, каб не сорамна было за сябе, за сваю Бацькаўшчыну! А вучыць ёсць што! Спадчына наша неабдымная! Не дайце  загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”,  цудоўнай роднай мове!

Маліноўская Святлана Сяргееўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”, 40 03 06