Старонкі, апаленыя вайною

Цэнтр вучэбна-метадычнай работы з кадрамі адукацыі МДАІРА  ў рамках юбілейнага тыдня, прысвечанага 80-годдзю з дня заснавання ўстановы,  22 чэрвеня 2021 года наладзіў літаратурна-музычную гасціную “Старонкі, апаленыя вайною”. Маятнік часу вёў зваротны адлік, перагортваў старонкі болю і памяці, спыняючыся на прывале з песнямі суровага ваеннага часу “У зямлянцы”, “Кацюша”, “Вясна 45-га года…”, “Нас не трэба шкадаваць…”. Інстытут удасканалення настаўнікаў пры Магілёўскім абласным аддзеле народнай адукацыі быў створаны ў 1939 годзе ў адпаведнасці з пастановай Саўнаркама БССР. У перыяд акупацыі г. Магілёва нямецка-фашысцкімі захопнікамі інстытут не працаваў. У лістападзе 1944 г. інстытут удасканалення настаўнікаў аднавіў сваю дзейнасць. Такім чынам, у гісторыі ўстановы таксама былі старонкі, апаленыя вайною. Супрацоўнікі інстытута ўзгадалі тых, хто стаяў ля вытокаў, хто адкрываў для педагогаў дарогу да ведаў і прафесійнага самаўдасканалення, хто ў гады вайны заставаўся на пасадзе, а пасля вайны з гонарам носіць высокае званне – Заслужаны настаўнік. Так, былі прадэманстраваны відэарады, прысвечаныя Пугачову К.А., Калістратаву М.М., (у мінулым дырэктары інстытута), Андрухінай Л.Г. (намеснік дырэктара), Зянькову Г.І. (загадчык кабінетам выхаваўчай работы) і інш.

Форма літаратурна-музычнай гасцінай была абрана нездарма. Менавіта толькі ў цёплай, душэўнай атмасферы можна паказаць свае пачуцці, адносіны да гістарычных фактаў, раскрыцца, акунуцца ў акіян успамінаў. Так, прыгожую песню “Кацюша” ў выкананні начальніка цэнтра Ісачанка І.В. з першых нот пазналі ўсе. З задавальненнем, падхопліваючы словы, разам заспявалі ўдзельнікі мерапрыемства. Вось яно, яднанне і памяць, вось ён, прыклад для сучаснай моладзі!  Песня, як сведчыць гісторыя, з’явілася яшчэ да вайны. Песня аб абавязку байца і вернасці ў каханні, аб вялікіх патрыятычных пачуццях савецкіх людзей. Сапраўды, у прысутных была магчымасць не толькі паслухаць песні таго няпростага часу, але і даведацца пра гісторыю іх стварэння. Мерапрыемства завяршылася вальсам супрацоўнікаў цэнтра пад песню “Вясна 45-га года…”.

Закончыўся дзень экалагічнай акцыяй “Будучае пачынаецца тут і зараз”. Справа ў тым, штодзень на юбілейным тыдні кожны цэнтр МДАІРА высажвае тую пасля праведзенага мерапрыемства. Цэнтр вучэбна-метадычнай работы з кадрамі адукацыі таксама прыняў удзел у акцыі. Туя пасаджана. Для кожнага з супрацоўнікаў цэнтра наша туя – сімвал памяці пра тых, хто ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны, хто загінуў на полі бою і вярнуўся жывым. Маладое пакаленне павінна памятаць пра гераізм і подзвігі людзей, дзякуючы якім мы маем магчымасць мірна жыць, аб шматлікіх ахвярах, прынесеных на алтар Перамогі. Дзякуючы задуме рэктара ўстановы адукацыі “МДАІРА” М.М. Жудро, менавіта такія акцыі аб’ядноўваюць пакаленні.

Маліноўская Святлана Сяргееўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі»