Нарматыўнае прававое і метадычнае забеспячэнне выкладання вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”

20 верасня 2023 года на базе ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”  адбылося пасяджэнне школы маладога спецыяліста для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры са стажам працы на пасадзе да 3-х гадоў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі “Нарматыўнае прававое і метадычнае забеспячэнне выкладання вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.

 Пасяджэнне праводзілася з мэтай азнаямлення ўдзельнікаў пасяджэння з нарматыўным прававым і вучэбна-метадычным забеспячэннем выкладання вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” ў 2023/2024 навучальным годзе.

Пасяджэння прайшло ў форме семінара-практыкуму, падчас правядзення якога былі адпрацаваны ўменні па вядзенні школьнай дакументацыі. Так, разгледжана спецыфіка планавання па вучэбным прадмеце, вядзення планавай і ўлікова-справаздачнай дакументацыі, класнага журнала і іншыя актуальныя пытанні для маладых педагогаў, звязаныя з арганізацыяй адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Акрамя таго, Маліноўская С.С., метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, асаблівую ўвагу маладых педагогаў засяродзіла на асаблівасцях рэалізацыі ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” з мэтай фарміравання ў вучняў пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да гістарычнага мінулага.

Практычная частка семінара-практыкуму была прадстаўлена майстар-класам, на якім настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гарбавіцкая сярэдняя школа” Чавускага раёна” Зяцькова С.М. пазнаёміла з вопытам работы па фарміраванні лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі ў вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Падзяліўшыся на дзве групы, маладыя педагогі “апрабавалі” прыёмы далучэння вучняў да спадчыны беларусаў: стварылі рэкламу музейнага экспаната “Лапці”, склалі пашпарт этнаграфічнага прадмета, патанчылі пад народную беларускую музыку падчас фізкультхвілінкі.

Зваротная сувязь з удзельнікамі заняткаў падчас правядзення рэфлексіі выявіла актуальнасць і прафесійную неабходнасць у правядзенні такога кшталту мерапрыемстваў.

 

Маліноўская С.С, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, 400306