Аздараўленне з навучаннем у летнем лагеры “Алімпіец”

З 13 па 30 чэрвеня 2021 года інстытутам развіцця на базе УА “Магілёўская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліоз” арганізавана чарговая змена ў профільным аздараўленчым лагеры “Алімпіец”. У лагер прыехалі адпачыць і ўдасканаліць свае веды 106 вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці, удзельнікі і пераможцы алімпіяднага руху па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, “Грамадазнаўства” і “Гісторыя”, “Руская мова” і “Руская літаратура”,  “Хімія”, “Біялогія”, “Геаграфія”, “Фізіка”, “Матэматыка”, “Замежная мова”.

Першыя два дні рабяты развучвалі танцы, песні, дэвізы, знаёміліся з правіламі лагера, рыхтаваліся да ўрачыстай лінейкі, што адбылася ўчора, 15 чэрвеня 2021 года. Чатыры атрады прамовілі клятву алімпіёніка і дэвізы. Падняць флаг запрасілі  прадстаўнікоў з кожнага атрада.  Дырэктар лагера Барысенка А.В. павіншавала ўсіх з адкрыццём новага аздараўленчага сезона, пажадала выхавальнікам цікава і з карысцю правесці час летніх канікул. Пасля ўрачыстай часткі атрады адправіліся ў актавую залу, дзе паказалі свае нумары: чыталі вершы, спявалі песні, прыгожа танчылі. Гледзячы на рабят, яшчэ раз упэўніваешся, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

Наперадзе яшчэ два тыдні пазнавальных заняткаў па профілях і цікавых мерапрыемстваў. Так пажадаем выхаванцам прыемнага адпачынку ў профільным аздараўленчым лагеры “Алімпіец”!

Маліноўская С.С., метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”.