Кантроль і ацэнка – важныя кампаненты вучэбнай дзейнасці: яны дапамагаюць вучню асэнсаваць вывучанае, пераканацца ў правільнасці сваіх ведаў і ўменняў, зразумець залежнасць вынікаў навучання ад укладзенай працы, а таксама паступова авалодаць прыёмамі кантролю і крытэрыямі ацэнкі, што з’яўляецца асновай самакантролю і самаацэнкі.
22 снежня 2020 года адбыліся чарговыя заняткі ў абласной школе маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры па тэме “Кантрольна-ацэначная функцыя настаўніка: праблемы і шляхі вырашэння”. Гэтая сустрэча з маладымі спецыялістамі праходзіла ў анлайн-фармаце. Мэтай правядзення заняткаў было аказанне метадычнай дапамогі маладым спецыялістам у арганізацыі і ажыццяўленні кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках беларускай мове і літаратуры.
Найчасцей маладыя спецыялісты задаюцца пытаннямі “Як правільна і аб’ектыўна ацаніць вучэбную дзейнасць вучняў?”, “Як дакладна і зразумела давесці да вучняў, чаму яны атрымалі тыя ці іншыя адзнакі?”, “Як ацэньваць вусны адказ па мове?”, “Як аб’ектыўна ацаніць работу вучняў на ўроку літаратуры?”, “Як матываваць вучняў на вучэбную дзейнасць?”. Адказы на гэтыя пытанні маладыя настаўнікі шукалі разам са спікерам вебінару Вараб’ёвай Аленай Анатольеўнай, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ДУА “Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Я.Нікалаенкі”, якая звярнула ўвагу маладых спецыялістаў на змест нарматыўных прававых дакументах, якія рэгулююць кантрольна-ацэначную дзейнасць настаўніка па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, маладыя калегі практыкаваліся ў прымяненні разнастайных прыёмаў кантрольна-ацэначнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура”: вядзенні маршрутнага ліста пры вывучэнні лірычных твораў, напісанні літаратурнага дыктанта пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка, выпраўленні бракаваных афіш пры вывучэнні драматычных твораў, выкананні інтэрактыўных заданняў на LearningApps.
Актуальнасць і прафесійная неабходнасць у правядзенні такога кшталту мерапрыемстваў відавочныя не толькі для маладых спецыялістаў, але і для вопытных педагогаў, бо развіццё адукацыі спрыяе пастаяннаму абнаўленню метадычных прыёмаў і метадаў, у тым ліку з прымяненнем камп’ютарных тэхналогій, і патрэба ва ўзбагачэнні ўласнага метадычнага арсеналу, і ў абмене вопытам існуе пастаянна.
Аддзел сацыяльна-гуманітарных дысцыплін УА “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”. Кантактны тэлефон (0222) 400306