Вучэбная пляцоўка для маладых настаўнікаў

Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Я.Нікалаенкі стала ўжо сапраўднай вучэбнай пляцоўкай для маладых настаўнікаў Магілёўскай вобласці. Трэці год запар збірюцца тут настаўнікі беларускай мовы і літаратуры з розных школ рэгіёна, каб пераняць прафесійны вопыт навучання, каб знайсці адказы на праблемныя пытанні, якія звычайна з’яўляюцца ў настаўнікаў-пачаткоўцаў.

20 кастрычніка 2020 года вучылішча гасцінна прымала маладых калег. Для іх былі арганізаваны заняткі ў абласной школе маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Тэма гэтай сустрэчы – “Планаванне і самааналіз у дзейнасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры”. Заняткі праводзіла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вараб’ёва Алена Анатольеўна. У ходзе працы педагогі абмеркавалі розныя віды планавання вучэбнай дзейнасці, формы праектавання ўрока і патрабаванні да плана вучэбных заняткаў. Асаблівая ўвага была звернута на парадак правядзення самааналізу ўрока – неад’емнага элементу ў праектаванні вучэбнай дзейнасці.

Але самае цікавае і запатрабаванае ў маладых калег – гэта, канечне, адкрыты ўрок. На гэты раз кадэты-дзесяцікласнікі працавалі на адкрытым уроку беларускай літаратуры па тэме “Цётка (Алаіза Пашкевіч). Лірыка”. Падчас аналізу ўрока настаўнікі адзначылі адбор зместу, форм (групавая і франтальная), метадаў (інтэратыўныя заданні, праблемныя пытанні, літаратурны аналіз), рацыянальнае размеркаванне часу, адведзенага на ўсе этапы ўрока, лагічныя пераходы паміж этапамі. Звярнулі ўвагу на адказнае стаўленне вучняў да падрыхтоўкі і працы на ўроку, былі крануты выразным чытаннем вершаў, а таксама ўражаны ўменнем аналізаваць лірычныя творы.

Асобна педагогі адзначылі матэрыяльна-тэхнічнае і эстэтычнае афармленне кабінета беларускай мовы і літаратуры, якое адпавядае сучасным патрабаванням і спалучае ў сабе мінімалізм і функцыянальнасць, інтэрактыўнасць і інфармацыйнасць.

Аддзел сцыяльна-гуманітарных дысцыплін УА “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”. Кантактны тэлефон (0222) 400306