Падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”

12 студзеня 2023 года адбылося ўрачыстае закрыццё абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Алімпіяда па беларусазнаўстве была арганізавана галоўным упраўленнем Магілёўскага аблвыканкама сумесна з установай адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі” на базе ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны індустрыяльны каледж”.

На першым і другім этапах (школьным і раённым) у вучняў ёсць магчымасць выступаць па некалькіх вучэбных прадметах. На абласным этапе школьнік абірае толькі адзін прадмет. Так, удзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” прынялі 72 аматары роднага слова.  У адпаведнасці з Інструкцыяй аб правядзенні рэспубліканскай алімпіяды дыпломамі могуць быць узнагароджаны не больш за 45 % ад агульнай колькасці ўдзельнікаў. Пераможцамі сталі 32 вучні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці. Сярод пераможцаў абласнога этапу не толькі ліцэісты, гімназісты, але і прадстаўнікі школ з сельскай мясцовасці. Вельмі прыемна бачыць сярод адзінаццацікласнікаў удзельнікаў і пераможцаў алімпіяды мінулых гадоў.

Падчас узнагароджання дыпламантаў першай ступені старшыня журы, дацэнт кафедры тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі факультэта замежных моў установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Доўгаль А.В. падкрэсліла: “Перамога на любым этапе алімпіяды – вынік мэтанакіраванай працы вучня, але ж у ёй вялікая доля поспеху і педагогаў, іх творчай працы. Важна, каб алімпіяднікі памяталі пра гэта і не забывалі гаварыць настаўнікам словы ўдзячнасці”.

Старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі пачатковай адукацыі факультэта пачатковай і музычнай адукацыі ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”, член журы Доўгаль Д.А., узнагароджваючы дыпламантаў другой ступені, адзначыў высокі ўзровень валодання ведамі, падзякаваў за адданасць роднаму слову, а звяртаючыся да настаўнікаў выказаў думку, што “за тых вучняў, якія знаходзяцца ў гэтай зале, вам ніколі не будзе сорамна”.

 Маліноўская С.С., метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”, прадстаўнік аргкамітэта, выклікаючы на сцэну ўладальнікаў дыпломаў трэцяй ступені, адзначыла, што алімпіядны рух разглядаецца дзяржавай не толькі як магчымасць рэалізацыі здольнасцяў вучня, як сродак павышэння якасці адукацыі, але і як спосаб прафесійнага самавызначэння маладых людзей. Сёння высока таленавітыя і крэатыўныя маладыя кадры запатрабаваны ва ўсіх сферах жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства. Святлана Сяргееўна звярнула ўвагу адораных і высокаматываваных вучняў-мовазнаўцаў на выбар прафесіі педагога, а дакладней – настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

Мерапрыемства прайшло ў добразычлівай атмасферы, навучэнцы Індустрыяльнага каледжа наладзілі канцэртную праграму і прадставілі нумары мастацкай самадзейнасці. Завяршэннем стаў гімн Рэспублікі Беларусь.

Віншуем пераможцаў! Жадаем новых перамог, упэўненасці ў сабе, сваіх сілах, самарэалізацыі, годна прайсці свой шлях да новых поспехаў!

Віншуем настаўнікаў! Няхай поспехі вашых вучняў стануць добрым вынікам вашых прафесійных дасягненняў!

Аргкамітэт выказвае падзяку калектыву і навучэнцам установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны індустрыяльны каледж” за дапамогу, тэхнічнае забеспячэнне і спагадлівыя адносіны падчас правядзення абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.

Маліноўская Святлана Сяргееўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут”, 40 03 06