З 19 па 23 верасня 2022 года ў Магілёўскай вобласці праходзіць Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!”. Да рэалізацыі Плана мерапрыемстваў актыўна прыступілі не толькі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, але і ўстановы дашкольнай адукацыі. Тыдзень роднай мовы на Магілёўшчыне праходзіць цікава і разнастайна.
На літаратурную сустрэчу з вучнямі УА “Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1” завітаў Алесь Мікалаевіч Казека – беларускі паэт, старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Алесь Мікалаевіч расказаў пра сваё станаўленне і як чалавека, і як паэта. Паміж вучнямі і паэтам завязалася цёплая размова. Хлопчыкі і дзяўчынкі цікавіліся, у якім узросце Алесь Мікалаевіч пачаў пісаць вершы і на якой мове, як адбываецца працэс напісання твораў, ці можна стаць паэтам або гэта талент ад нараджэння, якія праблемы хвалююць сучасных паэтаў і што самае галоўнае ў творчасці.
Вучні V “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа № 40 г. Магілёва” наведалі УК “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна”, дзе паўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Беларуская скарбонка”. А вучні ХІ “А” класа сталі ўдзельнікамі літаратурнай гасцёўні “Ён быў кумірам сваёй эпохі” (жыццё і творчая дзейнасць Івана Шамякіна).
У ДУА “Пудаўнянская сярэдняя школа” Дрыбінскага раёна прайшоў марафон “Мова родная – мова модная”. Вучні падрыхтавалі беларускія песні і вершы пра Беларусь, родны край. Слухачы падтрымлівалі выканаўцаў апладысментамі і падпявалі ім з задавальненнем. Прыемна чуць сваю родную беларускую мову, якая гучыць мілагучна і прыгожа.
Супрацоўнікі дзіцячага адзела УК “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна” наведалі ДУА “Спецыяльны дзіцячы сад г. Магілёва”. З мэтай выхавання любві і павагі да спадчыны беларускага народа і роднай мовы для выхаванцаў бібліятэкары правялі пазнавальную гадзіну “Словы родныя люблю я!”. Хлопчыкі і дзяўчынкі паслухалі казку Генадзя Аўласенкі “Як мышка з жабкай паміж сабой ваявалі”, паразважалі пра ўчынкі галоўных герояў.
“Беларуская мова – мелодыя сэрца!” – гэтымі словамі пачалася літаратурна-музычная гасцёўня “Мелодыі роднага краю”, якая адбылася ў групе падоўжанага дня ІІІ “А” класа ўстановы адукацыі “Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж імя Я.Глебава”. На мерапрыемстве звонкім ручаём ліліся беларускія песні, гучалі народныя інструменты. Сустрэча пакінула прыемныя ўражанні, а мелодыі роднага слова напоўнілі сэрцы юных беларусаў, натхняючы на светлае, шчаслівае жыццё ў самай лепшай краіне на свеце – Беларусі.
У ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Крычава” прыгажуні-дзесяцікласніцы ў нацыянальным адзенні дэфіліравалі па школьных калідорах і завіталі да вучняў пятага класа. Для хлопчыкаў і дзяўчынак было цікава даведацца, што такое андарак, панёва, чапец, намітка, камізэлька, сарочка. Дзяўчаты расказалі пра тыповыя элементы беларускагага нацыянальнага строю, адрозненні ў дэталях касцюма, спосабах носкі частак касцюма.
У ДУА “Дзіцячы сад № 92 г.Магілёва” ў старэйшай групе прайшоў чэлендж “Льецца мова”. Бацькі выхаванцаў з энтузіязмам адгукнуліся і прынялі актыўны ўдзел, прачытаўшы верш Лідзіі Полазавай “Родная мова”.
ДУА “Дзіцячы сад № 109 г. Магілёва” арганізавала для выхаванцаў 2 малодшай групы адно з самых яркіх і запамінальных мерапрыемстваў – гульню-заняткі “Да бабулі Алёны ў госці”. У выхаванцаў групы быў незвычайны дзень. Яны адправіліся ў цікавае, змястоўнае і павучальнае падарожжа ў прошлае нашых продкаў, дзе пазнаёміліся з беларускім бытам. Атрымаліся сапраўдныя беларускія вячоркі ў бабулі Алёны.
На Мсціслаўшчыне гасцінна расчыніў дзверы школьны этнаграфічны музей “Спадчына” (ДУА “Разанцаўская сярэдняя школа”), дзе вучні змаглі дакрануцца да тых рэчаў, якія выйшлі з ужытку. Яшчэ раз далучыліся да нашай невычэрпнай крыніцы – фальклору. “Беражліва захоўвайце нашу спадчыну, нашу роднае слова!”, “Давайце размаўляць па-беларуску!” – заклікалі дзяўчаты. Повар школьнай сталовай Цыкунова А.П. дала майстар-клас па прыгатаванні нацыянальнай беларускай стравы – дранікаў, якімі тут жа пачаставаліся вучні. Гастранамічны фэст “Беларуская кухня” дазволіў вучням падзяліцца рэцэптамі беларускай кухні, якія гатуюцца дома.
Вучні IX класаў УА “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў” прынялі ўдзел у інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Ці ведаю я Беларусь?”. Мэтай віктарыны было вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю і яго дасягненняў, фарміраванне паважлівых адносін да сваёй Айчыны, выхаванне пачуцця гонару і глыбокай павагі да нацыянальных традыцый , звычаяў, культуры.
Тыдзень роднай мовы працягваецца, а гэта значыць, што наперадзе шмат цікавых, пазнавальных мерапрыемстваў!
Маліноўская Святлана Сяргееўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”, 40 03 06