Кантрольна-ацэначная дзейнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры

3 снежня 2018 года на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча” прайшло чарговае пасяджэнне абласной школы маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры “Кантрольна-ацэначная дзейнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры”.

Значнасць і актуальнасць пытання кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка не зніжаюцца, наадварот, гэта пытанне з’яўляецца адным з найбольш складаных педагагічных праблем, асабліва для маладых настаўнікаў, якія толькі пачынаюць сваю педагагічную дзейнасць.

Мэта мерапрыемства прадугледжвала аказанне метадычнай дапамогі маладым настаўнікам беларускай мовы і літаратуры па павышэнні ўзроўню педагагічнай кампетэнтнасці пры арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці.

Падчас пасяджэння метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі” Бако А.А. акцэнтавала ўвагу на найбольш актуальных пытаннях кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры, прапанавала шляхі іх вырашэння.

Разгледжаны былі і пытанні аб нормах і крытэрыях ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па беларускай мове і літаратуры; аб безадзнакавым навучанні як арыентацыі на стварэнне спрыяльных умоў для асобаснага развіцця вучня.

Практыка-арыентаваная частка складалася з прадстаўлення вопыту работы настаўніка беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча” Вараб’ёвай А.А., якая правяла майстар-клас “Формы, метады і сродкі кантрольна-ацэначнай дзейнасці вучня на ўроку беларускай літаратуры”. Пад кіраўніцтвам Вараб’ёвай А.А.настаўнікі практыкаваліся ў прымяненні разнастайных формаў, прыёмаў і сродкаў кантрольна-ацэначнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура” (запаўненне маршрутнага ліста пры вывучэнні лірычных твораў, напісанне літаратурнага дыктанта пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка, выпраўленне бракаваных афіш пры вывучэнні драматычных твораў, выкананне інтэрактыўнага тэставага задання на адукацыйнай платформе МООDLE пры вывучэнні эпічных твораў).

У форме практыкуму прайшоў разгляд пытання “Асноўныя віды кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”, дзе настаўнікі актуалізавалі свае веды па класіфікацыі памылак і ўліку іх пры ацэньванні тэкставага дыктанта, прынялі аптымальную форму выканання работы над памылкамі, высветлілі асаблівасці ацэньвання творчых работ і вуснага адказу па мове.

Зваротная сувязь з удзельнікамі заняткаў падчас правядзення рэфлексіі выявіла актуальнасць і прафесійную неабходнасць у правядзенні такога кшталту мерапрыемстваў не толькі з маладымі спецыялістамі, але і з больш вопытнымі педагогамі, бо развіццё адукацыі спрыяе пастаяннаму абнаўленню метадычных прыёмаў і метадаў, у тым ліку з прымяненнем камп’ютарных тэхналогій, і патрэба ва ўзбагачэнні ўласнага метадычнага арсеналу і ў абмене вопытам існуе пастаянна.

Адзначаны былі ўдзельнікамі пасяджэння і ўзровень арганізацыі і правядзення мерапрыемства, цёплая і гасцінная атмасфера, якая паспрыяла плённай працы.

Бако Алена Андрэеўна, метадыст аддзела сцыяльна-гуманітарных дысцыплін УА “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”, контактная информация: тел. (0222) 400 306, e-mail: human [at] mogileviro.by, skype: Отдел социально-гуманитарных дисциплин.

Смотреть ФОТОГАЛЕРЕЯ