Беларуская пісьменнасць у традыцыях, песнях і вырабах

6 верасня 2020 года горад Бялынічы прымаў вялікі рэспубліканскі фестываль.
Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Пляцоўкамі свята становяцца гарады, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Праграма свята была разнастайная. Урачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю «З’яўленне іконы», новае жыццё атрымаў Бялыніцкі мастацкі музей імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі, заклалі алею гарадоў-сталіц, уручылі Нацыянальную літаратурную прэмію. Фестываль кнігі і прэсы, тэматычныя пляцоўкі кожнага раёна Магілёўскай вобласці, гандлёвыя рады, якія расцягнуліся на некалькі кіламетраў, канцэртныя выступленні і добры настрой – так у Бялынічах праходзіў Дзень беларускага пісьменства.

Увесь цэнтр горада ператварыўся ў вялікую пешаходную плошчу. Установы адукацыі Магілёўскай вобласці афармлялі свае тэматычныя пляцоўкі. Метадычную дапамогу і суправаджэнне аказваў Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі.
Прафесіянальная адукацыя вобласці была прадстаўлена выставачнай экспазіцыяй «Сугучча майстэрства і слова», якая паказала, што навучэнцы ўстаноў прафесіянальнай адукацыі ў рамках адукацыйнай прасторы не толькі знаёмяцца з вытокамі, станаўленнем і развіццём беларускай самабытнасці, але і сваімі рукамі могуць ствараць матэрыяльныя ўзоры культурнай спадчыны.

Беларусь багатая на народныя рамёствы, многія з якіх сёння перажываюць сваё другое нараджэнне. А гэтя якраз тое, што так неабходна для выхавання ў моладзі пачуцця патрыятызму, гонару за сваю Радзіму. Шматвяковыя традыцыі беларускай народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці служаць невычэрпнай крыніцай развіцця сучаснай культуры моладзі.
На выставе былі прадстаўлены не толькі гатовыя вырабы, але і праводзіліся майстар-класы па каліграфічнаму напісанню, разьбе па дрэве, вырабу віншавальных паштовак, апрацоўчым работам.
Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прадстаўлялі літаратурна-экалагічны праект тэматычных кампазіцый кветак, прыроднага матэрыялу «Кветкі беларускай паэзіі».

У парку «Ліпавы гай» разгарнуліся спартыўныя і канцэртныя пляцоўкі, выставы тэхнічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Для дзяцей і моладзі праводзіліся разнастайныя конкурсы, квэсты, спаборніцтвы.
Свята атрымалася вельмі яркім, цікавым і запамінальным. Завяршыўся Дзень пісьменства ў Бялынічах вялікім святочным канцэртам і маляўнічым салютам.

Мулерава І.К., начальнік аддзела выхаваўчых сістэм і тэхналогій
Бако А.А., метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін